.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Павал Сьвярдлоў. Беларускі фармат: запаведнік лузэраў
| 04.09.2008 |

ТГ друкуе «нататкі з маргінэсу музычнай індустрыі» журналіста Паўла Сьвярдлова. Аўтар разважае, чаму айчынныя пап-зоркі так баяцца спачуваньня, які плён прынесла «маштабная рэклямная акцыя» колісь забароненых рок-музыкаў, што спарадзіла зьяўленьне ў музычнай прэсе цэлай масы дылетантаў, а таксама прапануе свой «тop лузэраў і лузэрскіх учынкаў беларускага шоў-бізу».

Ляпіс Трубяцкі за антыглябалізмШоў-біз — гэта індустрыя па продажы зьнешняй пасьпяховасьці. Майткі ад Versace, шыкоўнае аўто з пэрсанальным мача на месцы кіроўцы, «бармэн, два „Махіта“ — грацыяс, браза!», віск фанатак, гатовых парваць куміра на шматкі, упэўненая ўсьмешка на твары… Лузэраў у шоў-бізе няма і быць ня можа. Праўда, з кожнага правіла ёсьць выключэньні. У нашым з вамі выпадку гэта Беларусь — запаведнік махрыстай папсы, дзе кожны трактарыст з баянам у мазолістых руках — зорка эстрады.

Да апошняга часу галоўнай эмоцыяй, якую выклікала пераважная большасьць айчынных артыстаў, было спачуваньне. Прыклад суседняй Расеі ўпэўнівае, што і гэтым можна пасьпяхова гандляваць: сьляпая сьпявачка Дыяна Гурцкая выдала ўжо пяць альбомаў і спыняцца не зьбіраецца. Нашыя «зоркі» баяцца спачуваньня, як агню. Хаця апранаюцца ў сэкандах і езьдзяць на патрыманых іншамарках. Калі ўвогуле не ў мэтро.

Ніхто не хвалюецца, што яго/яе выпадкова пазнаюць на вуліцы. Здаецца, толькі Сяргей Міхалок робіць тое-сёе, каб пазьбегнуць незаплянаваных сустрэчаў з фанатамі: вочы хавае пад брыль бэйсболкі, нацягвае капюшон байкі ледзь не на лоб… Але талент пераўвасабленьня, бадай што, адзінай made-in-Belarus рок-зоркі добра вядомы па праграмах ды кліпах праекту «Саша и Сирожа». Іншыя celebrities распавядаюць байкі, што даішнікі бралі ў іх аўтографы замест штрафаў. Адмыслова для прэс-рэлізаў з гэтымі байкамі на «прасунутых» сэрвісах электроннай пошты прадугледжаная тэчка «Спам».

У большасьці музыкаў акрамя музыкі ёсьць іншая — «асноўная» — прафэсія: гукарэжысэр, кіраўнік музычнага гуртка, ды-джэй, прадпрымальнік, гінэколяг, настаўніца кітайскай мовы, «твар Беларусі»… Добра, што пустыя бутэлькі па сквэрах не зьбіраюць. Пакуль што. Праўда, пакпіць са свайго незайздроснага становішча разам з слухачамі здольныя адзінкі.

Лузэры «наадварот»

Что ж такое, Пашка, получается:
Мы играем концерты некисло,
Но красавицы с нами не встречаются,
Не здороваются модные артисты…

— зьвяртаецца лірычны герой Сяргея Міхалка да лірычнага героя Паўла Булатнікава — другога вакаліста гурта «Ляпис Трубецкой». З кім жа, як ня зь імі, спаткацца прыгажуням? Кемлівы слухач зьдзівіцца ды адчуе падвох.

Зусім іншая карціна ў песьнях «папулярных» артыстаў: сэкс, драйв, Галівуд. Поп-«зоркі» імкнуцца быць пасьпяховымі. Хаця б на словах.
Навіны з жыцьця беларускіх celebrities — сумесь правінцыйных пантоў зь бессэнсоўнасьцю. «У навагоднюю ноч Аляксея Хлястова можна будзе ўбачыць ува ўсіх сьвяточных канцэртах асноўных беларускіх тэлеканалаў». Відаць, імпрэзы на неасноўных беларускіх тэлеканалах сп. Хлястоў прынцыпова ігнаруе.

«Сарамлівая рудавалосая дзяўчына зь зялёнымі вачыма й асьляпляльнай усьмешкай год таму ўварвалася ў этэр радыёстанцыяў з шчырай і палымянай песьняй „Beautiful Girl“… Дадзеная кампазыцыя пабіла рэкорды ратацыяў і, як вынік, была заяўленая на ўдзел у праграме „Срэбны грамафон“». Вось падзея дык падзея! Пераломны момант у кар’еры сьпявачкі.

«Маладыя і вельмі мэтанакіраваныя паненкі з праекту „BYCITY“ рыхтуюць да выданьня новую песьню. У кампазыцыі „Дзяўчынка байсіці“ раскрываецца вобраз маладой гарадзкой дзяўчыны, якая марыць пра каханьне». Для сябе, любімых, прыгожых словаў не шкада. Глядзіш на фотаздымак «праекту» — і захапляесься мэтанакіраванасьцю гэтых паненак.

«У жыцьці сьпявачкі Ірыны Ітэйры — як у песьні! Засьпявала яна пра тое, што марыць апынуцца на Сэйшэлах, — не прайшло і году, як яна сапраўды туды трапіла». Проста і з густам. Itera — Сэйшэлы, «Газпром» — Канары…

У беларускія «зоркі» выбіваюцца тыя, хто зь пялёнак вучыцца не гандляваць, а надзімацца. Бы тая жаба ў каляіне, імкнучыся адпавядаць хаця б расейскім канкурэнтам. Гэта ў айчынных лузэраў ад шоў-бізу называецца «імідж». Але ці то праз адсутнасьць густу і фантазіі ў тых, хто горда называе сябе «прэс-аташэ», ці то ад невыноснай тужлівасьці быцьця, шчасьлівыя артысты й артысткі атрымліваюцца падобнымі адно да аднаго.

Айчына недарэкаў

Некаторыя артысты ды прадусары любяць, нібыта мантру, паўтараць адну і тую ж фразу: «Шоў-бізнэсу ў Беларусі няма!» Маўляў, пра які бізнэс можна казаць, калі плытка самага папулярнага гурта ў 10-мільённай краіне мае наклад ня болей за 10 тысяч асобнікаў? Вунь у Фінляндыі — шоў-бізнэс, падтакваюць скептыкі. Апошні рэліз Lordi — «The Arockalypse» — толькі ў фінскіх крамах набылі больш за 90 тысяч разоў! Зразумела, перамагчы на Eurovision — гэта ня тое, што выйграць галоўную рок-карону. Але ж фінаў удвая менш за беларусаў…

Лузэры-скептыкі падзяляюцца на дзьве прыкладна роўныя групы. Першыя сапраўды вераць у тое, што кажуць. Паводле іх перакананьняў, большасьць тутэйшых ніколі ня зробіць выбар паміж аўдыёзапісам на CD і кіляграмам варанай каўбасы на карысьць першага. «Чым можа зарабіць музыка ў Беларусі? — задаецца пытаньнем разважлівы рокер Атмараві. — Ліцэнзіяй сваёй музыкі тэатру і кіно? Наўрад ці. Продажам дыскаў? Таксама наўрад — яны ж нятанныя, і сетка дыстрыбуцыі разьвітая толькі ў Менску. Канцэртамі? Няма пляцовак, няма агентур. Канцэрты выліваюцца ў адзінкавыя акцыі. „За Беларусь“ або „За Velcom“. Атрымліваецца, што музыка можа зарабіць толькі не музыкай».

Так, айчынныя мэляманы ня здольныя аплаціць маштабную рэклямную кампанію канцэрту беларускага выканаўцы. Ня кажучы ўжо пра тое, каб накарміць хлебам з маслам сем’і прамоўтэраў ды музыкаў. Літаральна 4 гады таму J:морс гралі на прэзэнтацыі складанкі «Viza N.R.M.» за таксоўку, што пасьля канцэрту разьвезла музыкаў па хатах. І гэта ў той час выглядала нармалёва…

Але для лузэраў-практыкаў адказ на пытаньне: «Што адсутнічае ў Беларусі — попыт на музыку ці адэкватная прапанова?» — не такі відавочны. Калі прыгледзецца, з чыіх слоў у розны час вынікала адсутнасьць беларускага шоў-бізу, высьветліцца, што гэта й ёсьць самыя актыўныя і пасьпяховыя яго ўдзельнікі: Уладзімер Максімкаў, Іна Афанасьева, Аляксандар Калтуноў, Скрыпа (zygimont VAZA), Валеры Дайнэка

Сапраўды, нават у Менску заля, разьлічаная на indie ды рок-гурты, якія зьбіраюць ад 20 да 100 чалавек, па вялікім рахунку, адна — клюб «Графіці». Але выйсьце з сытуацыі відавочнае — раскручвацца хаця б да ўзроўню, калі можна зацягнуць на свой канцэрт 500 гледачоў, арэндуючы ўмяшчальныя клюбы ці малыя залі вялікіх канцэртных пляцовак.

Вядома ж, поп-выканаўцам, чые песьні ўкладаюцца ў фармат менскіх радыёстанцыяў, нашмат лягчэй супрацьстаяць грамадзкай інэртнасьці. Але практыка паказвае, што «нетрадыцыйным» піярам можна скарыць каго заўгодна. Тут і Drum Ecstasy з канцэртамі і fireshow у Парку Горкага, і beZ bileta, што ўвосень 2004-га вярнуліся ў шоў-біз з «Днём безьбілетніка», і спроба гурта Dali прабіцца на Эўравізію… Іншы шлях — прапаноўваць публіцы музычны матэрыял такой якасьці і такога кшталту, каб піпл хаваў з задавальненьнем і бязь лішніх пытаньняў. Як гэта робіць, напрыклад, «Крамбамбуля».

І ўжо нельга сьцьвярджаць, што музыку беларускіх артыстаў ня проста не купляюць, а ня хочуць нават хацець. То бок сьцьвярджаць можна, але гэта будзе сьведчыць хіба пра тое, што перад вамі — лузэр.

Падпольны шоў-біз: сьвядомыя лузэры?
«Мы, беларускія музыкі, лічым неабходным выказаць зьдзіўленьне і заклапочанасьць з нагоды прэсынгу, які адчуваем ужо амаль два месяцы, што прайшлі пасьля 21 ліпеня 2004 году… Нашыя канцэрты адмяняюць у апошні момант з надуманых прычынаў — а то і зусім забараняюць… Мы пачуваемся гэтак, як калі б нам зьвязалі рукі, паставілі на дыбачкі і накінулі пятлю. Здаецца, і не павесілі, але і жыцьцём гэта не назавеш…»

Спускаючыся вінэрамі з імправізаванай сцэны ў цэнтры Парку Дружбы народаў, што недалёка ад менскай плошчы Бангалёр, музыкі яшчэ ня ведалі, што 21 ліпеня 2004 году рэжым запісаў іх у лузэры. Пад забарону трапілі «Палац», Drum Ecstasy, Neuro Dubel, ZET, N.R.M. ды Pomidor/OFF, а таксама Зьміцер Вайцюшкевіч — усе, хто ў той дзень граў для мітынгоўцаў, што сабраліся ў парку з нагоды 10-годзьдзя знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі ля ўлады.

Па калямузычнай тусоўцы папаўзьлі чуткі пра «чорныя сьпісы», якія быццам бы распаўсюджваюцца па рэдакцыях праўладных мэдыяў з мэтай не пускаць апазыцыйныя гурты на старонкі друкаваных выданьняў і ў этэр. Гэтыя сьпісы насамрэч былі. Адказным за кантэнт мэдыяў іх аднекуль зьверху надыктоўвалі па тэлефоне. Аўтар гэтага артыкулу на ўласныя вочы бачыў адзін з такіх «чорных» сьпісаў, занатаваных асадкай на ружовай паперчыне з нататніка.

Напачатку рокеры бадзёрыліся і махалі кулакамі. Напрыклад, склалі «Адкрыты ліст», цытата зь якога згаданая вышэй. Але неўзабаве трэкі апальных артыстаў выдалілі з сэрвэраў менскіх FM-станцыяў. Канцэрты забараняліся адзін за другім. Стала зразумела, што ў бліжэйшы час адлігі не чакаецца. І ўсё, што застаецца музыкам, — гэта… карыстацца сваім незайздросным становішчам!

Забарону на прафэсію беларускія рокеры ператварылі спачатку ў шыкоўную інфармацыйную нагоду, а пасьля — у беспрэцэдэнтную прома-акцыю, што доўжылася тры з паловай гады. Гурт «Крама» — ці то выпадкова, ці то каб не адставаць ад калегаў — упісаў сябе ў «чорныя сьпісы» сам. Маўляў, нас не было сярод тых, хто граў той фатальны канцэрт на плошчы Бангалёр, але, каб мы не былі занятыя іншымі справамі, мы б абавязкова туды прыйшлі. Даволі зручная пазыцыя для музыкаў, пра якіх пакрысе пачалі забываць: ад выхаду апошняга на той момант альбому «Крамы» прайшло тры гады!

Атрымалася, што быць лузэрам — сьвядомым лузэрам — даволі выгодна. Беларускія ўлады, самі таго не разумеючы, нечакана надалі айчынным рок-музыкам такога піяру, пра які яны не маглі і марыць. Бо заўжды ёсьць людзі, якім падабаецца забароненае.

Узрасла колькасьць карпаратываў з удзелам музыкаў з «чорнага сьпісу». Такім чынам новыя бізнэсоўцы, якія вырасьлі з «хворых на рок-н-рол» падлеткаў, імкнуліся падтрымаць сваіх куміраў. На сытуацыю з забароненымі музыкамі зьвярнулі ўвагу па-за межамі Беларусі. Нельга сказаць, каб Вольскі, Паўлаў, Вайцюшкевіч і Памідораў дагэтуль былі абдзеленыя ўвагай тых жа палякаў. Але пасьля забароны асобныя канцэрты ў Польшчы ператварыліся ў паўнавартасныя туры. Забароненыя музыкі гралі ва Ўкраіне, у Нямеччыне, у ЗША. Менавіта на песьні тады яшчэ адлучаных ад прафэсіі беларускіх рокераў былі зьнятыя першыя кліпы польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».

Прынцыповыя і гістэрычныя

Генэралаў айчыннага року «дазволілі» гэтак жа нечакана, як і забаранілі. У лістападзе 2007 году музыкі трапілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта на аўдыенцыю да Алега Праляскоўскага, які на той час адказваў за беларускую ідэалёгію. Праляскоўскі ўхваліў творчасьць айчынных рокераў і паабяцаў вярнуць іх у мэдыйную прастору краіны. Праўда, Алег Вітольдавіч паставіў умову: музыкі павінны дыстанцыяваць сябе ад радыкальных выступаў супраць палітычнага ладу, што існуе ў сучаснай Беларусі.

Беларускія музыкі не спадзяваліся на тое, што ім прапануюць кампраміс. І нечакана пагадзіліся на яго — ці то проста праз разгубленасьць, ці то стаміўшыся жыць, не адчуваючы пад сабою сваёй краіны. Па прыступках Адміністрацыі прэзыдэнта ўчорашнія легенды супраціву спускаліся звычайнымі людзьмі, а ў вачах многіх зацятых фанатаў — здраднікамі, якія толькі што адправілі ў сьметніцу чатыры з гакам гады музычнага партызанства.

Усё ізноў перакулілася дагары нагамі: падлеткі, што толькі ўчора схілялі перад музыкамі галовы, цяпер сыпалі абяцаньнямі выкінуць кампакты N.R.M. у фортку. І наадварот: празь некалькі дзён аглядальніца газэты «Советская Белоруссия / Беларусь сегодня» Ганна Шадрына прысьвяціла Лявону Вольскаму эсэ. Пазьней N.R.M. безь перашкодаў адыгралі сэрыю аншлягавых «разьвітальных» (зь зімой) канцэртаў, Neuro Dubel зладзілі прэзэнтацыю сьвежага альбома «Stasi». А Аляксандар Лукашэнка пасунуў Алега Праляскоўскага — аўтара гэтай ракіроўкі, разьлічанай з шахматнай дакладнасьцю, — з пасады кіраўніка Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта. Што менавіта не спадабалася галоўнаму мэляману краіны? На гэтае пытаньне бессэнсоўна нават спрабаваць шукаць адказы.

Галоўныя лузэры. Споведзь арт-журналіста

Некалькі гадоў таму ля ўваходу ў менскі Дом афіцэраў мы сустрэліся з Кацярынай Б., што тады аглядала музычнае жыцьцё са старонак газэты «Знамя юности». Мы кіраваліся на канцэрт Нэды і «Vilnius Jazz Quartet». Пабачыўшы ў маіх руках квіток, Кацярына задрала нос і выдала нешта накшталт: «Добры журналіст павінен хадзіць па імпрэзах на халяву». Маўляў, лузэр ты, Паўлік! «У добрага журналіста заўжды ёсьць грошы на квіток», — адказаў я, пасьля чаго адразу ж пабачыў сьпіну Кацярыны Б.

На жаль, ганарары пераважнай большасьці беларускіх арт-журналістаў не дазваляюць ім ня тое што весьці багемнае жыцьцё, але выконваць прафэсійныя абавязкі без «падачак» ад рэкард-лэйблаў і канцэртных прамоўтэраў. Трэба напісаць калёнку рэцэнзіяў — пакланіся ў ножкі выдаўцам ці дыстрыбутарам. Трэба зрабіць рэпартаж з імпрэзы — дамаўляйся з арганізатарамі.

Натуральна, што рэклямадаўцы — тыя, хто «прасоўваюць» праз музычныя рубрыкі свае сьвежыя рэлізы і канцэрты, купляючы для гэтага ў журналістаў палосы і развароты, — зацікаўленыя толькі ў станоўчым меркаваньні прэсы. Сваёй ляяльнасьцю «акулы пяра» гандлююць за сяброўства з музыкамі, запрашэньні на імпрэзы і прэсавыя канфэрэнцыі з абавязковымі фуршэтамі пасьля, альбомы й іншыя бонусы, якія пры іншых абставінах давялося б аплаціць па поўнай.

Тых, хто ўсё ж рызыкуе выказвацца ў адпаведнасьці са сваімі думкамі, часам абвяшчаюць непажаданымі пэрсонамі. Ёсьць, напрыклад, «чорны сьпіс» журналістаў у PR-мэнэджэра гурта J:морс Зьмітра Бескаравайнага. Ён жа падчас супрацоўніцтва з лэйблам «Westrecords» ініцыяваў «адлучэньне» ад інфармацыйный плыні прадстаўнікоў прэсы, якія калі-небудзь выступалі з крытычнай ацэнкай дзейнасьці кампаніі.

«Разумныя» мэдыі навучыліся ствараць для чытачоў бачнасьць аб’ектыўнага падыходу да музычнай рэчаіснасьці. Усіх пэрсанажаў шоў-бізу яны адразу падзяляюць на сяброў і ворагаў. Па добразычлівасьці тэксты пра сяброў няшмат адрозьніваюцца ад зместу праграмы «Вітаем, віншуем, жадаем!», якую можна штовечар пачуць па «кухонным» радыё. Вам ёсьць чым пахваліцца? Вітаем і сьпяшаемся перадрукаваць на сваіх старонках ваш прэс-рэліз! Вы выдалі новы альбом? Віншуем і жадаем выдаць яшчэ 10!.. Станоўчай адзнакі творчасьці ворагаў мы не дачакаемся — хіба што хто-небудзь зь іх выйграе «Грэмі».

Боязь выпадкова пакрыўдзіць артыстаў і іх прыхільнікаў прадстаўнікі прэсы набываюць як умоўны рэфлекс. З разьвіцьцём шоў-бізнэсу ўзрасла колькасьць мэдыяў, што надаюць увагу музычнай тэматыцы. Патрэба запаўняць палосы газэтаў і хвіліны этэраў справакавала зьяўленьне ў музычнай прэсе цэлага пакаленьня дылетантаў, не абцяжараных ані журналісцкай, ані музычнай адукацыяй. Крытычнае ўспрыманьне творчасьці артыстаў зьмянілася «фанацкім» схіленьнем галавы.

Забі ў сабе лузэра!

Фрэнк Запа аднойчы зазначыў, што рок-журналізм — гэта калі тыя, хто ня ўмее пісаць, распавядаюць тым, хто ня ўмее чытаць, пра тых, хто ня ўмее граць музыку. У беларускім шоў-бізе тое самае: лузэры пішуць пра лузэраў, а тыя, хто спажываюць гэтую пісаніну, таксама лузэры. Што ж рабіць? Адказ відавочны: па кроплі выціскаць зь сябе лузэра, як вучыў дзядуля Чэхаў. Больш зьвяртаць увагі на тое, што адбываецца навокал. Хаця б раз на месяц выпраўляцца на канцэрты сучасных (а не 20-гадовай даўніны) зорак рок- і indie-сцэны ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Катовіцы. Часьцей зазіраць у заходнія (ня кажучы ўжо пра расейскія) музычныя выданьні. І ні ў якім разе не чытаць мастацкую крытыку ў беларускіх газэтах. Асабліва перад сьняданкам: пераб’еце сабе апэтыт…

Галоўнай прычынай, зь якой Беларусь замест разьвітай індустрыі відовішчаў па-ранейшаму мае музычны калгас, зьяўляецца дзяржаўная палітыка ў галіне культуры. Навязваньне фінансавых плянаў тэатрам, патрабаваньні да зьместу радыё- і тэлеэтэру, вызначэньне канцэртнай палітыкі буйных пляцовак… Дадайце сюды адвечную боязь чыноўнікаў усіх узроўняў за свае пасады. Беларускі шоў-біз існуе як шараговае ідэалягічнае ведамства, празь якое дзяржаве зручна даводзіць грамадзянам сваю пазыцыю.

Між тым, каб бізнэс стаўся бізнэсам, прапанова ў ім мусіць быць адпаведная попыту. Гэтая зьява назіраецца толькі ў асобных сэгмэнтах бел-шоў-бізу — напрыклад, у сфэры электроннай музыкі. Тут знайшлі адно аднаго артысты і прамоўтэры, а тусоўшчыкі, ахвочыя да нятанных кактэйляў і бясконцага флірту на танцпляцоўках, весела перасоўваюцца з клюбу ў клюб: сьвята — кожную ноч! Арыентацыя на нябедную аўдыторыю дазваляе канцэртным агенцыям фармаваць камэрцыйныя прапановы да заходніх ды-джэяў — і тыя з задавальненьнем адкрываюць для сябе «краіну пад белымі крыламі».

Чаму менавіта электроншчыкі ня трапілі пад жорсткі дзяржаўны кантроль? Магчыма, праз тое, што ў іх трэках амаль няма тэкстаў — прынамсі, на зразумелых славянскіх мовах. А можа, проста таму, што электронная музыка вядзе пераважна начное жыцьцё за сьценамі клюбаў, у кожнага зь якіх ёсьць уладальнік, які дыктуе свае правілы. Тым ня менш менавіта клюбная культура застаецца, бадай што, адзіным аазісам у пустэльні, што называецца беларускім шоў-бізнэсам.

Асабісты тop-3 лузэраў і лузэрскіх учынкаў беларускага шоў-бізу

1. Адмова музыкаў з J:мopc (у 2006-м яшчэ J_мopc, адчуваеце розьніцу?) выйсьці на сцэну па галоўную рок-карону 2005 году. «Са сцэны неаднаразова раздаваліся заклікі падтрымаць аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, які прысутнічаў на ўзнагароджаньні і прымаў у іх удзел, што, на жаль, надало музычнай цырымоніі палітычную афарбоўку. У выніку група J_морс была вымушаная пакінуць КЗ „Мінск“», — заявіў на наступны дзень пасьля «каранацыі» афіцыйны прадстаўнік гурта ад імя музыкаў. На наступны ж дзень музычныя крытыкі сышліся ў думцы, што не прысутнасьць Аляксандра Мілінкевіча, а менавіта адсутнасьць гурта J_мopc надала мерапрыемству «палітычную афарбоўку». І агучылі рытарычнае пытаньне: калі б у той залі сядзеў не Мілінкевіч, а Лукашэнка, ці сышла б зь яе група J_мopc?

2. Аднойчы Вячаслаў Корань, таленавіты і паважаны музыка, завітаў у краму «Містэрыя гуку», што месьціцца ў Менску ў «Малой трубе» — пераходзе пад праспэктам Незалежнасьці паміж ГУМам і будынкам Нацыянальнага банку РБ. Слава адразу накіраваўся да палічкі зь беларускай музыкай, што тады сьціпла месьцілася ў дальнім куточку крамы. Легендарны музыка меў канкрэтную мэту: у першы слот кожнай падстаўкі для CD ён паставіў па асобніку свайго альбому «Lusterka». Вось такая сэлф-прамоцыя. Вось такі мэрчандайзынг па-беларуску.

3. Прамоўтэр Аляксандар Багданаў a.k.a. papa_bo ладзіць ды-джэйскія рэтра-паці ды канцэрты гурта «Серебряная свадьба», нават не ўяўляючы сабе, што такое «прамоцыя». На думку сп. Багданава, гэта раскідваньне афішаў і запрашэньняў на імпрэзы па блёгах ды сацыяльных сетках. Пры канцы студзеня papa_bo прапанаваў журналістцы, што раней пісала для яго тэксты абвестак і прэс-рэлізы канцэртаў «за дзякуй», разьлічвацца за яе працу. Але, калі яна вельмі сьціпла папрасіла 5 у. а. за 1000 друкаваных знакаў, «прамоўтэр» разгубіўся і не знайшоўся, што адказаць, акрамя: «Заўтра паспрабую пазычыць у каго-небудзь грошай, і, калі атрымаецца, дамовімся». Рapa_bo — паказальны, але далёка не адзіны лузэр такога кшталту ў беларускім шоў-бізе.

Павал Сьвярдлоў

Тэкст напісаны для нумару №7 часопісу pARTisan, прысьвечанага тэме «Лузэрства».

Фота: www.lyapis.com


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net