|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Глыток беластоцкага року | 26.08.2008 | Беларускі падляскі рок мае нядоўгую, але вельмі насычаную гісторыю. Пачалася яна ў сярэдзіне 90-х, калі беластоцкія хлопцы з гурта R. F. Braha першымі запісалі цалкам беларускамоўную праграму. Пры канцы 90-х праект ZERO-85 выступіў разам зь беларускімі рок-зоркамі ў Менску. Шэраг камандаў з Падляшша пэрыядычна бралі ўдзел ў музычных складанках і праектах. Але ўсё адно – для беларусаў падляскі рок застаецца таямніцай. Ён існуе і разьвіваецца сам у сябе. «Для палякаў – мы беларускі гурт, а вось беларусы нас прымаюць за польскіх выканаўцаў», - неяк акрэсьліў сытуацыю Сенька з ZERO-85. Падляскі рок ужо стаўся зьяваю, якая пры тым зусім неасэнсаваная ў Беларусі. У беларускамоўным Беластоку – свае легенды, назвы якіх у Беларусі чуў хіба самы абазнаны – Viadro, Kardon, Homan. Большасьць цікавых праектаў, што зьявіліся пры канцы 90-х зьніклі, так і ня выдаўшы свае запісы. На шчасьце, новае пакаленьне музыкаў больш рупліва ставіцца да сваёй творчасьці і раз-пораз засядае ў студыі.5set5 – X, Беларускае аб’яднаньне студэнтаў у Польшчы, 2007 Беластоцкі гурт на чале з Ілонай Карпюк – добравядомы заўсёднікам «Басовішча». Гэта іх першая за чатыры гады студыйная праца, якая сапраўды ставіць іх уровень зь беларускімі рок-лідэрамі. Калі яшчэ некалькі год таму 5set5 на сцэне ва ўрочышчы Борэк гучалі досыць сыра, то цяпер у іх зьявіўся свой шчыльны і пазнавальны саўнд. Перадусім - гэта жорсткая гітарная музыка з разважлівымі тэкстамі, але знаходзіцца тут месца і кранальным псыхадэлічным балядам, і працяглым электронным адступам, як у адным з самых шыкоўных трэкаў «Intro». Пасьля некалькіх запар жвавых нэрвовых нумароў асабліва чапляе мягчэйшая за астатнія «Я буду» – разынка ўсёй праграмы, хоць музыкі спачатку не хацелі яе ўключаць у альбом. 5set5 беларускія слухачы маглі бы палюбіць ня менш за Indiga і (хто яго ведае!) «Новае Неба». Але Ілона пры ўсёй яе грамадзкай актыўнасьці свае песьні сацыяльнымі матывамі не абгрувашчвае. Жаноцкае «Я» выходзіць на першы плян і гэта падкрэсьліваецца ў назвах саміх твораў («Така-Я», «Празрыста-Я», «Красна-Я»). «X» – лішне сьведчыць пра асаблівасьці жаночай лёгікі. Прэтэнзія на адкрытасьць, спавядальнасьць ёсьць, але пры пільным разглядзе бачна, што песьні поўняцца толькі цьмянымі намінкамі на прызнаньне, ўрыўкамі недаказаных думак ды няпоўным пераказам асабістых перажываньняў. У цэлым жа – гэтую працу можна паставіць у шэраг самых цікавых у беларускім року пачатку новага стагодзьдзя. Алег Кабзар – 12 сноў, Centrum Edukacji Obywatelskej Polska-Bialorus, 2008 Алег Кабзар паходзіць з Гомелю, адукацыю атрымаў у Беларускай акадэміі мастацтва, але вырашыў пераехаць у Польшчу, дзе прафэсійна заняўся музыкай. Ён саліруе ў Беластоцкае філярмоніі, і, між іншым, піша песьні для свайго задавальненьня. «12 сноў» – яго дэбютны дыск, хоць цікаўныя маглі пачуць колькі яго песень у сумеснай працы з Тамашам Сулімам «Трэцяе вакно» – у 2002 годзе хлопцы дуэтам перамаглі на «Бардаўскай восені». У музычным сэнсе гэтая праграма куды багацейшая. Часам паэт хіліцца ў рокавае гучаньне («Бура над правінцыяй»), а месцамі дэманструе сваю любоў да джазавай музыкі («Іду»), сустракаюцца і блюзавыя матывы («Блюз»). У «Снах» сумяшчаюцца два захапленьні Кабзара – фактычна гэта назіраньні прафэсійнага мастака, толькі выкладзеныя не на палатне, а пададзеныя праз музыку. Творца назірае за рэчаіснасьцю «стоячы, упісаны ў квадрат» ды шукае «адценьню фіялету ў гарадзкім пэйзажы». Аранжыроўкі кампазыцыі – вытанчаныя і прадуманыя да дробязяў, пры тым зусім немудрагелістыя. У акампанімэнт у дапамогу акустычнай гітары пакліканыя клявішныя, кантрабас і пэркусія. Кабзар сьпявае на вершы Яна Чыквіна, Надзеі Артымовіч і Анатоля Сыса, але пераважная частка – аўтарскія творы. Сярод уласных шэдэўраў можна вылучыць «Буру над правінцыяй» і ўжо вядомыя з «Трэцяга вакна» – «Восень.Вобраз.Сьнег» і песьня пра «Паэтаў», што «паміраюць тады, калі нараджаюцца чорныя лістапады». Ilo&friends – Pa darozie, Pragramnaja rada tydniovika Niva, 2008 Калі 5set5 упісваецца ў фармат «Басовішча», то іншы праект Ілоны Карпюк - Ilo&friends больш пасуе да «Бардаўскай восені». Большасьць песень гэтага праекту – камэрныя баляды выкананыя ў акустыку. Сярод аўтараў твораў – сама Ілона і музыка зь Бельску Лукаш Сьцепанюк, а таксама Анатоль Сыс і Ўладзімер Караткевіч. Кожная зь песень мае патэнцыял сапраўднага гіта, асабліва «Танга», якое Ілона выконвае яшчэ з часоў вучобы ў беларускамоўным ліцэі. Нельга не адзначыць харызматычны хрыплаваты вакал Ілоны, які напоўніцу раскрываецца ў цудоўнай песеньцы «Synu». Вельмі добра падыйшоў да яе манэры выкананьня верш Сыса «Калі краты расьпілаваць…» (песьня «26.10.2007»), які яна хутчэй не пяе, а прагаворвае, як малітву. Аранжыроўкі ў Ilo&friends зусім не складаныя, але поўныя нечаканых музычных хадоў (як у «Сьцяне»), а народная «Вясна-красна» (якая тут завецца «U vioscy») загучала зусім нечакана. Гэта музыка, якая можа спадабацца кожнаму беларусу, у незалежнасьці ад яго ўзросту і музычных упадабаньняў. Step – Калі прыйдзе сон, інтэрнэт-сынгл, 2008 Праект вядомага падляскага музыкі беларускага паходжаньня Лукаша Сьцепанюка – ды-джэя польскага радыё ESKA і стваральніка польскамоўнага парталу пра беларускую музыку Zona. Яго песьні раз-пораз зьяўляюцца на беларускіх складанках («Сэрца Эўропы in Rock», «Пасадзіў Dead Rap’ку»). Step пры ўсёй сваёй любові да рок-гучаньня любіць паэкспэрымэнтаваць з электронікай. «Калі прыйдзе сон» – плён апошніх экспэрымэнтаў аўтара альтэрнатыўнага гімна Бельску. Музыкі вырашыў запісаць праект, заснаваны на песьнях, сыграных толькі на двух акордах. Вядома ж, усе яны будуць розьніцца між сабой. Трэкі «Спалох» і «Калі прыйдзе сон» выканаўца ўжо выклаў у сеціва і рыхтуецца запісаць яшчэ адну канцэптуальную двухакордавую песьню. Сяргей Будкін, ТГ Тэкст друкаваўся ў №27 газэты «Наша Ніва» Фота: Jolanta Kobzar угару - up |
|
|