.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Ці трэба ладзіць беларускія фэсты за мяжой?
| 18.08.2008 |

Над гэтым пытаньнем разважае Кася Камоцкая: «На фэсты накшталт Be Free прыяжджае сталы набор фанаў, сталы набор музыкаў. Для ўкраінскай публікі гэта не цікава. Яны нават на свой „Тартак“ не сабраліся, хоць гэта вельмі вядомы гурт. На мой погляд, атрымліваецца простае выкідваньне грошай. Фэсты патрэбныя арганізатарам. Фэсты патрэбныя, можа быць, тым гуртам, якія ня могуць выступаць у Беларусі. Але ня думаю, што гэта прыносіць вялікую асалоду: ехаць суткі, каб выступіць перад амаль пустой пляцоўкай»…

Кася КамоцкаяУ дзяцінстве першага верасьня мне вельмі хацелася ў школу. Другога ўжо не хацелася. А першага вельмі хацелася! Усіх пабачыць, пра ўсіх даведацца, хто як зьмяніўся за лета… Нейкае сьвята сустрэчы. Таму я люблю простыя фэсты — як, напрыклад, калісьці «Рок па вакацыях» у парку Чалюскінцаў. Людзі пасьля лета зьбіраліся, весяліліся. Рок-фэсты, якія цягнуцца доўга, мяне стамляюць. Не атрымліваецца доўга ўважліва слухаць музыку. А калі ня слухаць музыку, то піва я магу і тут папіць.

Беларускія музычныя фэсты за мяжой… Іншага ня дадзена: сёньняшняя сытуацыя ёсьць такая, якая ёсьць. Трэба іх праводзіць ці не — справа арганізатараў.

Тое ж «Басовішча» задумвалася ня як фэст беларускай музыкі ў выгнаньні, а як сьвята мясцовых беластоцкіх беларусаў. У першую чаргу для сябе — яны намагаліся разьвіваць беларускую музыку ў рэгіёне. І дагэтуль імкнуцца, каб на кожным «Басовішчы» былі нейкія новыя гурты. Менавіта, мясцовыя. Некаторыя з тых гуртоў, што былі створаныя адмыслова для «Басовішча», потым сталі сур’ёзнымі калектывамі і ўжо шмат гадоў функцыянуюць. Фэсты ж накшталт Be Free… Туды прыяжджае сталы набор фанаў, сталы набор музыкаў. Для ўкраінскай публікі гэта не цікава. Яны нават на свой «Тартак» не сабраліся, хоць гэта вельмі вядомы гурт. На мой погляд, атрымліваецца простае выкідваньне грошай.

Безумоўна, фэсты патрэбныя арганізатарам. Фэсты патрэбныя, можа быць, тым гуртам, якія ня могуць выступаць у Беларусі. Але ня думаю, што гэта прыносіць вялікую асалоду: ехаць суткі, каб выступіць перад амаль пустой пляцоўкай. Сумняюся, што такі канцэрт можа эмацыйна падтрымаць.

Так, у нас, як у кожнай малой нацыі, вядомасьць прыходзіць з-за мяжы. Але ня ў выніку правядзеньня беларускіх фэстаў «там», а праз удзел беларускіх гуртоў ў міжнародных фэстывалях. З нармальнай інфармацыйнай падтрымкай пасьля. Каб да людзей дайшло, што наш гурт перамог у міжнародным конкурсе, дзе бралі ўдзел яшчэ 120 гуртоў… Такое зараз назіраецца ў беларускай этна-музыцы. Нядаўна быў вялікі этнічны фэст ў Чарэмхе — другі па сваёй значнасьці ў Польшы. Там выдатна выступалі «Троіца», Наста Някрасава… Гэта як раз той прыклад: паказаць, што сярод стосу заявак выбралі нашу. На жаль, ніхто не даносіць гэта да шырокай публікі.

Кажуць, што рок-фэсты неверагодна спрыяюць згуртаваньню нацыі і росту нацыянальнай сьвядомасьці… Але мне не зразумела, у каго і што яны абуджаюць і фармуюць? У тых людзей, што прыехалі зь Беларусі праз тысячу кілямэтраў ў Львоў? Яны ж ужо сфармаваныя! Другія не папруцца так далёка, каб паслухаць нейкі гурт. Праблема і нашых СМІ, і арганізатараў фэстаў у тым, што яны працуюць на тых, хто ўжо заангажаваны. Калі так, сэнсу ў гэтым няма. Навошта пераконваць ужо перакананых?

Больш за тое, я ня думаю, што праз такія фэсты можна ўвогуле кагосьці заангажаваць. Як паказвае тое ж «Басовішча», людзі проста махаюць сьцягамі, каб адарвацца. І крычаць «Жыве Беларусь!» проста так, каб адарвацца. Яны нават ня слухаюць, што сьпяваюць са сцэны. А я вось, дзякуючы «Белсату», маю магчымасьць паслухаць. Дзіўныя рэчы, бывае, сьпяваюць… А на тым «Басовішчы» і не паслухаеш — з-за той колькасьці кілбасак і піва… Людзі ўспрымаюць — і правільна робяць — рок-фэст як вялікую тусоўку і магчымасьць адпачыць.

Сёньня фэсты-мітынгі ўжо немагчымыя. А, можа, нават і непатрэбныя. Але калі зь беларускай рок-музыкі прыбраць палітычны складнік (які ганарліва адмаўляюць усе музыкі), ад гэтай музыкі амаль нічога не застанецца. На жаль. Яна цікавая, пакуль носіць палітычную афарбоўку.

Ня трэба думаць, што калі ў Польшы ёсьць праект «Салідарныя зь Беларусью», ён зацікаўлены ў беларускай музыцы. У самой назве акцыі — квінтэсэнцыя прыярытэтаў: «Салідарныя зь Беларусью», а не «Прышлі паслухаць беларускую музыку». Выказваць салідарнасьць — гэта палітычная падзея. Украінцы прадстаўляюць пляцоўкі для Be Free — і таксама «салідарныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі». Але ніяк не зь беларускай музыкай.

Я не кажу, што нашая рок-музыка няякасная. Проста трэба зразумець, што ў нашых суседзяў у дачыненьні да року працуюць перад усім палітычныя матывацыі. Наш рок — менавіта, як музыка — цікавы толькі тут. І з гэтым трэба проста пагадзіцца. Альбо граць іншую музыку.

Кася Камоцкая, для naviny.by

Фота: Андрэй Лянкевіч


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net