.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



BeFree ў Львове – пачатак добрай традыцыі
| 13.08.2008 |

Лета-2008 выдалася даволі багатым на беларускія і транспамежныя фэстывалі. «Басовішча», «Вольнае паветра», а хутка Be2gether і «Рок па вакацыях». Але BeFree, што адбыўся 9-10 жніўня ў Львове, вылучаецца сярод астатніх. Гэта новы беларускі фэст зусім побач зь Беларусьсю. Імпрэза была адразу заяўленая з размахам: дзьве сцэны ў цэнтры гораду, намётавае мястэчка, гурты, якія няшмат дзе пачуеш. Трэба адзначыць і канцэнтрацыю беларускіх вядомых калектываў, якія проста не зьмяшчаліся на сцэне, граючы звычайна па 30-40 хвілін. Таксама канцэрт наведала шмат польскіх, украінскіх і нават адзін францускі гурт.

Be FreeАрганізатары справіліся са сваёй задачай, праўда, ня ўсе гурты змаглі прыехаць, а намётавае мястэчка апынулася даволі далёка ад месца канцэрту. Аднак гэта ўжо акалічнасьці вялікага гораду, які прыняў у сябе беларускае сьвята.

Першы дзень пачаўся зь невялікім спазьненьнем на плошчы імя Багадана Хмяльніцкага. Яшчэ на пачатку гукарэжысэр спытаў у вакаліста гурта Partyzone Дзяніса Вячэрскага, ці заўсёды ён так гучна пяе, што той даказаў празь некаторы час. Разам зь імі зьбіралі народ да сцэны гурты-пераможцы, адабраныя праз інтэрнэт, а таксама :B:N:, Pomidor/OFF, Znich, польскія Rockaway і ўкраінская «Інкунабула». Францускі Vladivostok зьмяніў некалькіх рэфрэнаў на радкі «Жыве Беларусь», што натоўп успрыняў вельмі весела. Незаўважна зьбіраліся хмары, і падчас выступу Zet значны ўжо натоўп скакаў пад дажджом. Моцны дождж працягваўся да раніцы, што трошкі сапсавала ноч жыхарам намётавага мястэчка, але не перашкодзіла атрымаць асалоду ад канцэрту. Завершылі першы дзень Haydamaky.

Дзясятага жніўня пачалося з выступу фольк-гуртоў на плошчы Рынак. З дванаццаці гадзінаў пачыналі граць гурт Насты Някрасавай, P.L.A.N., «Яр», «Джамбібум». Апошніх спрабавала перакрычаць сцэна МТС, што разьмесьцілася на іншым баку плошчы, але гэта рэклямшчыкам не ўдалося. На завяршэньне гралі «Стары Ольса», WZ-Orkiestra і LitvinTroll.

Другі дзень на сцэне ў парку культуры быў пэўна самым цікавым. Пасьля украінскага Xy4 на сцэны выйшлі IQ48, якія разам зь вядомымі гітамі выканалі песьні з новага альбома, што будзе выдадзены ўжо хутка. Да ўсяго, «лосі» выканалі зусім раней ня чутую песьню сумесна са сьпявачкай «Джамбібум» Настай Хмель. Адносна новыя і нявыдадзеныя песьні выконваў і магілёўскі Mauzer, які ўпершыню выступаў з новым басыстам. Польская Metanoia, а затым «Крама» падрыхтавалі публіку да выступу легендарнага ULIS, які, зрэшты, не парадаваў нічым новым, але выканаў песьні з апошняга альбома і пару старых песень. Neuro Dubel зграў зьмешаны сэт з сваіх гітоў, наколькі гэта дазволіў час. І, нарэшце, пасьля польскага Habakuk на сцэну выйшаў украінскі хэдлайнэр фэсту «Тартак», які адыграў даволі вялікі сэт. Сярод сваіх песьняў гурт знайшоў месца для кавэру на сваю ж песьню «Не хочу» - «Не жадаю» ад беларускіх ЧпБ. Сашко Положіньскі пашкадаваў, што Кроў ня змог наведаць фэст асабіста, але і сам добра выкрыкваў «Толькі так, ё» і «Беларусь у маім сэрцы», а таксама шмат разважаў пра братэрства беларускага й украінскага народаў. На тым фэстываль беларускай музыкі BeFree скончыўся.

Імпрэза ў Львове сталася адной з самых важных падзеяў лета. Час пакажа, ці ўтрымаецца ўкраінскі фэстываль сярод галоўных беларускіх імпрэзаў, ці захавае назву і ў якім горадзе будзе наступны раз. Можа быць, праз колькі год ён пасталее, абрасьце традыцыямі ды гісторыямі і стане яшчэ адным легендарным беларускім фэстывалем.

Zap, ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net