.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Фэст «Рок па вакацыях» адраджаецца
| 08.08.2008 |

Адзін з буйных беларускіх рок-фэстываляў, што праводзіўся ў сярэдзіне 90-х сёлета адраджаецца пасьля 12-гадовага перапынку. Заснавальнік фэсту Юры Цыбін: «Мы запрасілі тых, хто адзначыўся ў гэтым годзе – на цырымоніі „Рок-Каранацыя“, на фэстывалях „Амбасовішча“ і „Басовішча“, Сяргей Анішчанка прадставіць лепшы гурт свайго фэсту „Рок-Кола“ апошніх гадоў. Да ўсяго, каб зьберагчы традыцыю, мы запрасілі некалькі камандаў, што ўдзельнічалі ў апошнім „Рок па вакацыях“ у 1996 годзе». «Рок па вакацыях-2008» пройдзе 31 жніўня, а патрапіць на фэст здолее кожны наведнік «Тузіна Гітоў» праз электронную рэгістрацыю.

Юры Цыбін- Чаму вы вырашылі адрадзіць фэст?
- Жаданьне адрадзіць гэты фэст існавала ўжо даўно, бо, на жаль, нашая рок-прастора вельмі абмежаваная. Фэст «Рок па вакацыях» меў свой твар, сваю аўру ды ідэю. Зусім ня хочацца такое губляць.

- А ў чым уласна яго ідэя? Апошні фэст «Рок па вакацыях» прайшоў у 1996 годзе. Ня ўсе пэўна ведаюць пра яго гісторыю.
- Так, у 96-м годзе ён прайшоў у пяты раз і на маю думку быў самым удалым. Тады выступілі ўсе буйныя зоркі беларускай рок-сцэны – ULIS, «Крама», N.R.M., Аляксей Шадзько, «Торнадо», «Новае Неба». Ён звычайна праводзіўся 31 жніўня або 1 верасьня. Ідэя яго вельмі простая – даць магчымасьць сустрэцца разам пасьля летняга адпачынку маладым людзям між сабой і з улюбёнымі музыкамі, ды і самім музыкам пабачыць адзін аднаго, а таксама падвесьці вынікі музычнага сэзону і разам з тым адкрыць новы.

- «Рок па вакацыях» традыйна праводзіўся на адкрытай пляцоўцы. У той час гэта было ў Парку Чалюскінцаў. Чаму сёлета вырашылі зладзіць яго ў канцэртнай залі?
- У нас было жаданьне працягнуць гэтую традыцыю. Былі варыянты – Лагойск, Сілічы, той жа Парк Чалюскінцаў. Але паўсталі праблемы ў сувязі з выбухам на сьвяце 3-га ліпеня. Ніхто ня можа ўзяць на сябе адказнасць за бясьпеку. Таму сышліся на варыянце правядзеньне ў канцэртнай залі «Мінск».

- Як выбіралі ўдзельнікаў «Рок па вакацыях-2008»?
- Мы запрасілі тых, хто адзначыўся ў гэтым годзе – на цырымоніі «Рок-Каранацыя», на фэстывалях «Амбасовішча» і «Басовішча», Сяргей Анішчанка прадставіць лепшы гурт свайго фэсту «Рок-Кола» апошніх гадоў. Да ўсяго, каб зьберагчы традыцыю, мы запрасілі некалькі камандаў, што ўдзельнічалі ў апошнім «Рок па вакацыях» у 1996 годзе. Выступяць сёлета і некалькі цікавых маладых камандаў.

- Адзін зь мінулых фэстаў у 1994 годзе ўвайшоў у гісторыю яшчэ і тым, што менавіта на ім адбыўся апошні выступ гурта «Мроя». Ці не было ідэі паспрабаваць адрадзіць каманды, якіх ужо няма, але якія вызначалі беларускую рок-моду 90-х?
- Безумоўна. Адна з такіх наноў адроджаных камандаў нават выступіць сёлета – гэта гурт Сяргея Анішчанкі «Грунвальд», які сабраўся дзеля сёлетняга фэстывалю. Прапанавалі і Касі Камоцкай вярнуцца да гурта «Новае Неба», але яна адмовілася. Што да адраджэньня «Мроі», то гэта ўвогуле нерэальна, як мне падаецца.

- Па вашых назіраньнях, як зьмянілася беларуская рок-музыка хоць бы за той час, калі не праводзіўся фэст «Рок па вакацыях»?
- Разьвіцьцё бачнае, але наўрад ці яго можна назваць дынамічным. Кожны варты гурт дасягае свайго ўзроўню і далей нібы не ідзе. Не кажучы ўжо пра тое, каб вылучыцца на сусьветным узроўні. Але якраз такія фэсты і пакліканы на тое, каб спрыяць такому разьвіцьцю.

Гутарыў Сяргей Будкін, для racyja.com

Фэст «Рок па вакацыях». 31 жніўня. КЗ «Мінск». 18:00.
Удзельнічаюць: «Крама», ULIS, Neuro Dubel, «Грунвальд», «Куклы», «Фляўс і Кляйн», «Детидетей», Tarpach, Kalmary, Tlusta Lusta, Spita/\ь F. Уваход толькі (!) па запрашальніках.


Рэгістрацыя на канцэрт

Фота: Антон Матолька


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net