.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«Тартак»: галоўнае – трымацца разам!
| 04.08.2008 |

Напярэдадні фэсту Be Free Сашко Положіньскі - лідэр гурта «Тартак», які выступіць у Львове 10 жніўня, - распавядае, што значыць «быць вольным», ці варта беларускім і ўкраінскім рокерам граць на «карпаратывах» і навошта сучаснае моладзі ведаць сваю гісторыю.

Тартак- Што для сучаснага ўкраінскага року абазначае «быць вольным»? Наколькі творца зараз можа быць вольным ад умоўнасьцяў шоў-бізу, камэрцыі, патрэбнасьці ў ратацыі на станцыях? Ці можа залежны чалавек увогуле быць творчай асобай?

- У прынцыпе, рок ва Ўкраіне быў і застаецца вольным, бо гурты маюць магчымасьць граць такую музыку, якая ім падабаецца, і сьпяваць песьні пра тое, пра што яны хочуць сьпяваць. Іншая справа, што значная частка добрай ды цікавай украінскай музыкі ня мае магчымасьці трапіць да шырокай аўдыторыі. І гэта насамрэч адбываецца таму, што ўкраінская рок-музыка не залежыць ані ад законаў шоў-бізнэсу, ані ад камэрцыі або ратацыяў. Большасьць гуртоў паступова, год за годам, крок за крокам заваёўваюць сваю аўдыторыю, месца на сцэнах добрых фэстываляў і, не адчайваючыся калі нешта не атрымліваецца, ствараюць добрыя песьні і цікавыя альбомы.

Канечне, ня ўсё так добра і бязхмарна, як можа здацца на першы погляд. Ёсьць праблемы з прыдатнымі для рок-выступаў канцэртнымі пляцоўкамі, і з магчымасьцю якасна запісваць сваю музыку ды і зарабляць выключна ўлюбёнай справай удаецца далёка ня кожнаму рок-музыканту. Але разам з тым зьяўляюцца і новыя фэстывалі, і спэцыялізаваныя тэле-радыё-каналы, і незалежныя лэйблы, якія цікавяцца ўкраінскім рокам і альтэрнатывай. І што асабліва прыемна, прыхільнікаў рок-музыкі ня робіцца меней пад масавым наступленьнем камэрцыйнае папсы, а добрыя калектывы не зьнікаюць, і рэгулярна нараджаецца нешта новае ды цікавае.

Што тычыцца творчасьці, то сапраўдны творца не залежыць ні ад чаго. Ён мае талент, атрымлівае натхненьне, а то, якім чынам ён гэта выкарыстоўвае, - гэта ўжо іншая справа… Усё роўна, калі чалавек жыве ў грамадзтве, то абсалютнай свабоды не існуе. Але заўжды існуе свабода выбару… ;)

- Вашая гісторыя пачалася з таго, што хутка пасьля стварэньня вы выйгралі адборачны тур конкурсу «Червона рута» і сталі вядомымі. Ці памятаеце вы свае адчуваньні як канкурсантаў? Што з той пары, на вашую думку, зьмянілася ў конкурсах для маладых гуртоў - магчыма, узровень канкурсантаў ці тыя магчымасьці, што конкурсы адкрываюць для іх. Ці ўвогуле конкурсы і адборы на фэсты зараз так жа актуальныя для рок-каманд, як былі 12 год таму?

- Ды мы тады проста бавіліся! Нас конкурс як такі мала цікавіў. Мы проста хацелі пабываць на культавым фэсьце, патусавацца, пазнаёміцца з кляснымі ўкраінскімі музыкантамі, падурэць на сцэне. Мы ж з Васіком - маім колішнім калегам - музыкамі не былі (і дагэтуль імі не сталі), а сам «Тартак» пачынаўся як гульня, як забаўка, сьцёб, прыкол… Гэта ўжо потым, пасьля таго, як мы неспадзявана для сябе перамаглі, калі мы адчулі рэакцыю людзей на нашыя выступы, калі адчулі кайф ад вялікай сцэны, мы сталі зусім інакш да ўсяго гэтага ставіцца…

Цяпер сытуацыя зусім іншая. Адзінае, што рэальна даюць конкурсы ды фэстывалі маладым музыкантам, - гэта добры практычны досьвед. Сцэна, сьвятло, гук, парады прафэсіяналаў, вялікая аўдыторыя – і ўсё. Раней, калі ты клясна праявіў сябе на «Червоній руті», «Перлинах сезону», іншых конкурсах ці фэстывалях, ты меў шанец стаць вядомым, папулярным, знайсьці прадусараў, пачаць працаваць на прафэсійнай сцэне. Цяпер такога няма. Верагоднасьць таго, што за цябе возьмуцца сур’ёзныя прафэсіяналы толькі таму, што ты клясны, вельмі малая. Цяпер усё так ці іначай упіраецца ў грошы. Ёсьць пэўныя выключэньні, але іх няшмат. Ды і немагчыма адназначна сказаць, што такім музыкам сапраўды пашчасьціла, бо рана ці позна прадусар можа прымусіць цябе рабіць тое, чаго ты рабіць не захочаш…

- У сваіх праграмах «Тартак» пяе пра сучаснасьць, але на канцэртах вы таксама закранаеце сучасную гісторыю Ўкраіны. Чым вас натхняе гісторыя?

- Апроч таго, што гісторыя вельмі цікавая, яна яшчэ і карысная. Гісторыя – гэта веды і досьвед, гэта боль і гонар, гэта ганьба і слава. Гісторыя – гэта фундамэнт, на якім базуецца сучаснасьць і будучыня народу, нацыі, дзяржавы. Калі б мы лепей ведалі сваю гісторыю, мы б пазьбягалі тых памылак, якія паўтараем з пакаленьня ў пакаленьне, і правільна б распараджаліся тымі перамогамі ды перавагамі, якія атрымліваем сёньня. Я перакананы, што калі б украінцы лепей ведалі сваю гісторыю, яны б ведалі і адказы на пытаньні, якія паўстаюць у наш час. Напрыклад, цяпер увесь час ідуць спрэчкі наконт таго, хто нам большы сябар – Расея ці Амэрыка, з кім нам выгадней – з Эўропай ці з Азіяй, хто хоча нам рэальна дапамагчы – Усход ці Захад. Калі ж праглядзець усю гісторыю Ўкраіны, то робіцца відавочным, што нам ніхто ніколі не дапамагаў, а калі і дапамагаў, то зусім не бясплатна. Адсюль выснова: ніхто нам ніколі не дапаможа, апроч нас саміх. Бо ў прынцыпе, гэта нікому і не патрэбна, апроч нас… ;)

- Што вы ведаеце пра сучасную беларускую рок-музыку, рок-гурты? Што спадзяецеся даведацца на гэтым фэсьце? Ці прыйдзеце паслухаць сваіх калегаў зь Беларусі?

- Ведаю досыць мала. Бачыў некалькі кліпаў у інтэрнэце, чуў пару зборак «Песьні Свабоды», калісьці знаёміўся зь Лявонам Вольскім… Спадзяюся, у мяне атрымаецца паслухаць выступы беларускіх гуртоў на Be Free, але не заўжды так робіцца, як хацелася б. Зарыентуюся на месцы, ці будзе ў мяне такая магчымасьць. Але вельмі хочацца, каб была… ;)

- У Беларусі некаторыя гурты, каб выжыць у сучасных ўмовах, выбіраюць для сябе заробак на «карпаратывах». А ці зарабляюць на гэтым украінскія рокеры, і ў прыватнасьці, ваш гурт?

- Я не лічу гэта ганьбай для музыканта. Калі запрашаюць – значыць, хочуць пачуць і ўбачыць, а якая розьніца – маленькі гэта карпаратыў ці вялікі фэстываль? Калі музыкант мае дзе выступаць і для каго, калі грае ўласную музыку, калі выконвае ўсе песьні ўжывую – што ў гэтым дрэннага? Мы з задавальненьнем выступаем заўсёды, калі ёсьць людзі, якім гэта патрэбна. Шкада толькі, што «Тартак» на карпаратывы запрашаюць ну ве-е-ельмі рэдка… :)

- Ці шмат вы граеце за мяжой? Які ўвогуле найбольш памятны канцэрт у вашым жыцьці?

- Мы вельмі рэдка выступалі за мяжой. Па адным разе ў Беларусі, Расеі ды Грузіі ды некалькі разоў на ўкраінскіх фэстах у Польшчы. З усіх гэтых фэстаў найболей запомнілася «Лемківська Ватра». Там была настолькі файная атмасфэра, што мы далі яшчэ адзін незаплянаваны канцэрт на наступны дзень пасьля першага выступу. Нас проста змусіла да гэтага публіка сваімі шматлікімі пажаданьнямі заграць яшчэ раз!

- Якія ў вас пажаданні да моладзі зь Беларусі, Украіны і Польшчы, што прыедзе на фэст Be Free?

- Магу зычыць толькі аднаго: пазнаёміцца бліжэй і пасябраваць! Нам трэба трымацца разам! Для нас, украінцаў, беларусы – гэта адзіны сапраўды братні народ. У нас вельмі шмат падобнага: геапалітычнае становішча, мова, культура, мэнтальнасьць. У нас амаль супольная гісторыя, і гэта не гісторыя канфліктаў між сабою, а гісторыя супольнай барацьбы ды супольнай бяды. А сяброўства з палякамі – гэта проста ўзаемавыгадны культурны абмен. Яны могуць трохі прыадкрыць для нас дзверы эўрапейскай музычнай культуры, а мы можам паказаць наш сапраўдны драйв, нашае спэцыфічнае гучаньне і нашую, вельмі своеасаблівую, унутраную, але свабоду! ;)

Гутарыла і перакладала Марыя Садоўская, festsvabody.org

Фота: tartak.com.ua


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net