|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Red Hot Chili Peppers замест беларускіх музыкаў | 20.05.2008 | Канцэрты і гастролі ў Беларусі цяпер рэгулюцца ўказам прэзыдэнта. Гэты дакумэнт прадугледжвае стварэньне мастацка-экспэртных камісіяў, якія будуць знаёміцца з аўдыё-, відэа- і друкаванымі матэрыяламі праграмы канцэртаў ды папярэдне праслухоўваць выступы музыкаў. Акрамя таго, прэзыдэнцкі ўказ уводзіць адміністрацыйную адказнасьць за правядзеньне несанкцыянаваных канцэртаў. Як ставяцца да гэтага прамоўтэры ды арганізатары канцэртаў? Гастрольныя пасведчаньні, дарагая арэнда заляў ды апаратуры – гэта ледзь ня штодзённыя праблемы арганізатараў канцэртаў у Беларусі. Цяпер на шляху іх дзейнасьці ўзьнікла новая перашкода – мастацка-экспэртныя камісіі. Згодна з указам Лукашэнкі, яны будуць «даваць заключэньне аб адпаведнасьці мерапрыемства асноўным задачам рэгуляваньня гастрольна-канцэртнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі». Дагэтуль афіцыйна такіх камісіяў не існавала. Але ў практыцы канцэртных мэнэджэраў былі выпадкі, калі іх прасілі прадаставіць запіс таго ці іншага гурта. Мэнэджэр калектыву «Серебряная свадьба» і арганізатар канцэтаў многіх іншых гуртоў Аляксандар Багданаў, кажа, што да гэтага часу ў яго атрымлівалася перахітрыць чыноўнікаў.- Калі да «Серебряной свадьбы» чыноўнікі Менгарвыканкама ставяцца добра, то розныя псыхадэлічныя гурты, кшталту «Сонцецветы» ім не падабаюцца. Таму часам прыходзіцца крыху хлусіць і прыносіць, напрыклад, першы альбом Red Hot Chili Peppers. Яны слухаюць і кажуць: «О, рок-н-рол! Ладна, праводзьце канцэрт». Шмат хто памятае леташнюю гісторыю з забаронай канцэрта гурта «Крама». Тады чыноўнікі Менгарвыканкама пастанавілі: калектыў мае нізкі мастацкі ўзровень. Узгадвае арганізатар таго канцэрту Павал Кашырын. - Ва ўпраўленьне культуры Менгарвыканкама я хадзіў амаль як на працу. Усе ведаюць, што нічога з гэтым мы не змаглі зрабіць. У суд таксама вырашылі не падаваць. Пасьля восеньскага наведваньня некаторымі беларускімі музыкамі кіраўніка ўпраўленьня ідэалёгіі адміністрацыі прэзыдэнта сітуацыя з канцэртамі істотным чынам зьмянілася. Гурты «Крама», N.R.M., Neuro Dubel правялі пасьпяховыя выступы ў сталічных ды рэгіянальных клюбах. Цяпер з турам па гарадах Беларусі езьдзіць гурт «Крамбамбуля». Арганізуе гэтыя канцэрты агенцыя «Лінія гуку». Яе дырэктар Уладзімер Шаблінскі распавёў, што на супрацоўніцтва з гуртом Лявона Вольскага ідуць нават дзяржаўныя ўстановы. - Усё максымальна карэктна. Нам дапамагаюць і з намі супрацоўнічаюць дзяржаўныя арганізацыі, напрыклад, філярмонія. То бок, усё ў парадку. Цалкам верагодна, што цяпер праблемы з арганізацыяй канцэртаў беларускіх гуртоў пачнуць узьнікаць ізноў. Стварэньне мастацка-экспэртных камісіяў – гэта чарговая спроба кантролю над музыкамі, кажа музычны журналіст Зьміцер Падбярэзскі. - Нельга выключаць адсейваньня няўгодных выканаўцаў незважаючы на ўзровень іх творчасьці. Гэта яшчэ адзін крок у бок вяртаньня ў добрыя савецкія часы. І яшчэ адзін істотны пункт указу прэзыдэнта пра рэгуляваньне гастрольна-канцэртнай дзейнасьці. За арганізацыю несанкцыянаваных канцэртаў цяпер уводзіцца адміністрацыйная адказнасьць. Нядаўна ў Горадні на тэрыторыі Генэральнага консульства Польшчы незарэгістраваны Саюз палякаў у Беларусі правёў канцэрт вядомага польскага гурта Lombard. Выглядае на тое, што болей такіх канцэртаў праводзіцца ня будзе. Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў» для Радыё «Рацыя» угару - up |
|
|